* * *

Гавораць вусны: ''ён навекі згінуў!''
А сэрца кажа: ''не, ён не пакінуў!''
Ты чуеш, як гучыць струна са звонам?
Трымціць-звініць, пячэ слязой салёнай,
Тут, унутры, і б'ецца ў лад са мною:
''Я тут, заўсёды тут, я ўсё з табою!''

І так заўжды, ці ў песнях прагну сцішыць мукі,
Ці хто мне па-сяброўску цісне рукі,
Ці шчырая гаворка з кім вядзецца,
Ці пацалунак на губах азвецца,
Гучыць мне свет лагоднаю струною:
''Я тут, заўсёды тут, я ўсё з табою!''

Ці ў морак мараў я сыйду таемны,
Дзе светлацені постацяў нядрэмных
Снуюць і на мяне наводзяць чары,
I над душой маёю валадараць,
А голас твой гучыць, пяе з журбою:
''Я тут, заўсёды тут, я ўсё з табою!''

Ці змора пакрысе ўпадзе на веі,
На вочы стомленыя сон навее,
Але і ў снах цяжкіх, у снах варожых
Мне чуецца твой голас любы, гожы,
Iмкне тужліва з дзіўнаю журбою:
''Я тут, заўсёды тут, я ўсё з табою!''

I кожны раз, калі звінець ён стане,
Я ў сэрцы чую кветак тых гучанне,
Што за жыццё так і не змог сарваць ты,
Што не хацеў іх у труну схаваць ты,
Гучаць яны няўціхна ў лад са мною:
''Цябе няма, але я ўсё з табою!''

Kimpolung, 7 / VI 1901