* * *

Як дзіцём яшчэ, бывала,
Упаду, сабе на ліха,
I хоць боль праймаў мне сэрца,
З долу я ўставала ціха.

"Што, баліць?" – мяне пыталі,
Але я ў адказ маўчала.
Я была малою гордай, –
Каб не плакаць, – рагатала.

А цяпер, калі і мне ўжо
Жартам злым выходзіць драма,
I вось-вось сарвацца мае
Вострай злосцю эпіграма, –

Выкрывальнай зброі смеху
Я баюся паддавацца;
Гордасць даўнюю забыўшы,
Плачу я, каб не смяяцца.

2. 2. 1897.