* * *

Шукаў цябе ў паэзіі дарэмна,
У гаманкіх дарогах не сустрэў,
Ды пільнаваў я сны твае нядрэмна,
У акне тваім світаннямі гарэў.

Ад восені да восені скрозь ночы
Мая надзея пожнямі ішла,
Там, дзе калісьці ўбачыў твае вочы,
Паўнюткія праменнага цяпла.

Калі ж усё у далечы растала,
Нібыта кадры даўняга кіно,
У мой заснежаны, нямы світанак
Для сонца ты раскрыліла акно.

З‘явілася усмешлівай, звычайнай,
Бялявай, нібы яблыневы май,
Хоць сніцца тое дзіва мне начамі,
Я на зямлі – маю руку трымай.

Плывуць у небе мары і туманы.
Прызнаюся: баліць душа мая.
Ды замест іх салодкага падману
Крышталем праўда свеціцца твая.

Хай восень крочыць за гарачым летам,
На пожнях пакідаючы сляды.
Ды наш світанак, сэрцамі сагрэты,
Не звечарэе нават праз гады.