ЗОРКА

Мабыць, сталася нешта з небам,
што ў хвіліны мае агорклыя
мне сыпнула не маннай, не хлебам,
а зоркамі.
Звар‘яцелая зорка нейкая
да маіх босых ног упала.
Мне здаецца, была яна век мая,
і ўжо век, як яе не стала.
Але вось яна – прыгажуня,
хутка лёткая, гнутка целая...
Як святлом тваім даражу я,
звар‘яцелая зорка мая,
звар‘яцелы я!
Сто разоў буду небу дзякаваць,
што не манны дало мне, не хлеба...
Ты прымаеш мяне.
                           Усякага...
Ты такая мне толькі і трэба!