Над далёкім і над блізкім борам
ценем лёгкім ледзь дыміць туман
і загадка таямнічых зорак
ападае ў верасы палян.
Спяць яшчэ, маўчаць яшчэ абшары,
толькі збіў расу, прымяў траву –
на паляну лось, нібыта мара,
уладарна вынес галаву.
Цішыня: ні шолаху, ні зыку.
Лось рагамі кратае сасну
і раптоўна пераможным рыкам
абуджае бор стары ад сну.
Стрэл рвануў няскончаную песню,
чырванню лінуў на верасы...
За барамі, за туманам дзесьці
знікла сонца ў кропельках расы.