* * *

Чаромхавай парою па вясне
у сны прыводжу восень я самую,
а сон-трава прыгадваецца мне,
калі дажджы асеннія сумуюць.

Зімою вабяць росныя лугі
і васількі, і жаўранкі над жытам,
а летам сняцца сінія снягі,
халодны лёд, святлом начным заліты.

Ды ўсякі раз, калі жыцця вясло
выкідвае мой човен на каменні,
глыбінным абуджаюся цяплом,
што родная зямля мая праменіць.