ПЕРАСЦЯРОГА

Мы спыніліся –– адпачынак.
На абочыне стыне аўто.
У цяньку парасселіся чынна
і не вымавіць слова ніхто

Мы стаміліся – шлях быў далёкі.
Зараз вельмі добра маўчаць.
Але кінулася на вока,
што наўкруг нас травы крычаць.

Крык, заглушаны ліпкім пылам,
несціхана, нястрымна дрыжыць..
О, як прагнуць сцяблінкі пахілыя,
як нясцерпна жадаюць жыць.

Яны вераць – не ўсё яшчэ скончана,
і адменяць вышэйшую меру...
А пакуль што на пыльнай абочыне
плача рамонак шэры.