БОЛЬ

Не шукаў я цябе для пацех...
Але сталася мара марнаю.
Мне на голаў, як попел, снег
неба сыпала хмарнае.

Дзе ты, мара мая?
                           Віруй!
У завеі кружыся дзікай!
Нібы чырвань ружы, згару
на марозе вялікім.

Пачарнеюць пялёсткі ўраз,
адгукнуцца ў душы маёй болем.
Як шкада, што сустрчэы для нас
лёс не сплануе болей.

Ружу, вецер, маю вярні!
Адагрэю ля сэрца мару я.
...Попел шэры, як снег, з вышыні
неба сыпала хмарнае.