ШЧЫРАЕ

Родны край! У любую часіну
верыў я ў тваю дабрыню.
Ты таксама вер мне, як сыну,–
я не здраджу і не зманю.

Я ніколі не здраджу крыніцам,
небу роднаму і лясам,
ні заранкам, ні навальніцам
я не здраджу, бо гэта – я сам.

Я ўвабраў, назаўжды запомніў
хараство бяроз у гаях,
дзе страчала першыя промні
на світанні песня мая.

Росных сцежак, як закаханы,
быў заўсёды шчаслівым рабом,
і, нібы малако са збана,
піў туман з асалодай нагбом.

Я клянуся матчынай песняй,
шчасцем першага пачуцця,
родны край, з абуджэння весняга
быць тваім да скону жыцця.