НОЧ У ЛЕСЕ

Цёмна. Хоць выкалі вока.
Ноч. Цішыня навокал.
Здаецца, свой бег спыніла
рэчка, што ўдзень бурліла;
ледзь чутна свавольнік-вецер
лашчыць сасновае вецце;
крыкнула птушка спрасоння –
і зноўку нямое сутонне.
Страшна ў такую хвіліну:
як быццам цябе хто пакінуў.
І ты з нецярпеннем чакаеш,
што хутка ўбачыш, спаткаеш,
як сцежкай лясной, заспаны,
крочыць у пушчу ранак.